1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Апошнія падзеі на праваабарончым фронце

Смерць праваабаронцы, асуджанай за данос на міліцыянта, і магчымае адсоўванне тэрміна адмены смяротнага пакарання - адны з асноўных падзеяў у Беларусі апошняга тыдня.

Фота з архіву

Самазабойства праваабаронцы з Салігорску, асуджанай на два з паловай гады, а таксама заява старшыні Канстытуцыйнага суда аб немагчымасці адмяніць смяротнае пакаранне без правядзення рэферэндума сталі аднымі з асноўных падзеяў апошняга тыдня. Тым часам, яшчэ некалькі дэмакратычных арганізацый, разлічваючы на палітычную адлігу ў звязку з беларуска-еўрапейскім дыялогам, спрабуюць легалізаваць сваю дзейнасць шляхам рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі.

Смерць праваабаронцы

9 сакавіка ў Салігорску пахавалі праваабаронцу Яну Палякову, якая паводле папярэдняй інфармацыі, 7 сакавіка скончыла жыццё самагубствам у сваёй кватэры. За некалькі дзён да гэтага праваабаронцу асудзілі на два з паловай гады абмяжавання волі, так званай "хіміі", за "паклёп на супрацоўніка міліцыі Віктара Пугачова". Яшчэ падчас мінулагодняй парламенцкай выбарчай кампаніі Палякова звяртался ў пракуратуру з заявай, што гэты міліцыянт збіў яе ў пастарунку.

Тое, што жанчыне былі нанесены цялесныя пашкоджанні, пацвердзілі медыкі, але суддзя Аляксандр Бураўцоў пад час судовага працэсу не ўзяў гэты факт да ўвагі. Да суда Палякову некалькі разоў збівалі, а таксама ёй пагражалі па тэлефоне. Літаральна за дзень да яе самагубства ў афіцыйным выданні – газеце "Советская Белоруссия" выйшаў абразлівы артыкул пра Палякову і яе праваабарончую дзейнасць.

На думку прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці, менавіта гэта сталася для 33-гадовай жанчыны апошняй кропляй: на наступную раніцу яна была знойдзеная мёртвай. Пракуратура вядзе праверку па факце самагубства, але незалежныя юрысты і праваабаронцы настойваюць на ўзбуджэнні крымінальнай справы паводле артыкула Крымінальнага кодэкса "Давядзенне да самагубства".

Ці будзе рэферэндум аб смяротным пакаранні?

Як заявіў 11 сакавіка старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, смяротнае пакаранне ў Беларусі не можа быць адменена без правядзення рэферэндума. З меркавання Міклашэвіча, наяўнасць смяротнага пакарання ў Беларусі была ўхвалена насельніцтвам краіны пад час плебісцыту ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, таму і адмяняць гэты від пакарання можна толькі праз усенароднае галасаванне.

На думку праваабаронцаў, такая пастаноўка пытання адсоўвае вырашэнне гэтай праблемы, вельмі важнай у святле развіцця ўзаемадачыненняў паміж афіцыйным Мінскам і Еўропай. Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) Гары Паганяйла кажа, што у Беларусі альтэрнатывай смяротнаму пакаранню з'яўляецца пажыццёвае зняволенне – мера, якая выкарыстоўваецца ва ўсіх цывілізаваных краінах. Выкарыстанне дзвюх мераў, паводле праваабаронцы, з’яўляецца нонсэнсам.

Папярэджанне асуджанаму актывісту

Лідэр моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты" Міхаіл Пашкевіч атрымаў папярэджанне за парушэнне рэжыму адбывання пакарання. 5 сакавіка актывіст спазніўся дадому на 20 хвілінаў. Гэта паслужыла падставай для папярэджання.

Летась Пашкевіч ў рамках "Працэсу 14‑ці" быў прыгавораны судом Цэнтральнага раёна Мінска да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы адбыцця пакарання і мусіць прытрымлівацца адмысловага рэжыму.

Падчас адбыцця пакарання дастаткова тройчы парушыць рэжым, каб была распачатая крымінальная справа па артыкуле 415 Крымінальнага кодэксу Беларусі "Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі".

Спробы рэгістрацыі

Некалькі дэмакратычных арганізацый спрабуюць зарэгістраваць сваю дзейнасць у Міністэрстве юстыцыі, спадзяючыся на так званую палітычную адлігу, звязаную з дыялогам паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам.

Спрабуе таксама зарэгістравацца рух "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва", які пасля няўдалай спробы легалізацыі ў Беларусі з 2008 года зарэгістраваны ва Украіне. Лідэрам гэтага аб'яднання прадпрымальнікаў з'яўляецца Віктар Гарбачоў. Ён вырашыў паўтарыць спробу рэгістрацыі ў Беларусі пасля папярэджання пракуратуры горада Барысава "за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі".

Устаноўчая канферэнцыя гэтага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання, папярэдне прызначаная на 24-25 сакавіка. А 12 сакавіка дакументы на дзяржаўную рэгістрацыю ў Мінюст падалі кіраўнікі партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя". Устаноўчы з’езд гэтай структуры прайшоў у Мінску 28 лютага.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Марына Нікіціч

Контекст

Читайте также: